Ігар Сергяенка прыняў удзел у пасяджэнні Лепельскага райвыканкама, дзе абмяркоўваліся пытанні добраўпарадкавання, уключэння ў абарот пустуючых і старых дамоў, удзелу грамадзян у навядзенні парадку на зямлі, у тым ліку моладзі. "Першае, на што я звярнуў увагу, гэта тое, што яшчэ ў гэту работу не ўдалося актыўна ўключыць нашых жыхароў. Ініцыятыў мала, у асноўным усе чакаюць дзеянняў ад улады", - расказаў ён журналістам.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў нацэліў мясцовую ўладу на актыўную работу ў Год добраўпарадкавання і заклікаў і далей аберагаць прыродныя багацці гэтага азёрнага краю.
У Шумілінскім і Гарадоцкім раёнах кіраўнік дэпутацкага корпуса Беларусі азнаёміўся з сітуацыяй на палях. У СУП "Лоўжанскае" і ААТ "Птушкафабрыка Гарадок" сёння ўбіраюць збожжавыя. У абодвух раёнах зацяжныя дажджы, якія ішлі з пачатку лета, дапамаглі вырасціць добры ўраджай, але залілі палі, і цяжкая тэхніка гразне.
"Як і ва ўсёй Віцебскай вобласці з-за ўмоў надвор'я даволі напружана ідзе ўборачная кампанія. Палі пераўвільготненыя, але нас гэта не спыняе, з кожным днём усё больш набіраем тэмпы. На сёння ўбралі 39,6 працэнта ўсіх плошчаў, якія падлягаюць уборцы, засталося зжаць збожжавыя на яшчэ 5,9 тыс. га. Калектыў настроены на інтэнсіўную ўборку, усе разумеюць, што лягчэй потым не будзе, таму што палі зарастаюць. Надвор'е на заўтра мы не можам прагназаваць, таму кожную гадзіну выкарыстоўваем, каб сабраць і захаваць ураджай", - падзяліўся з журналістамі старшыня Шумілінскага райвыканкама Сяргей Галынчык.
Ён дадаў, што ў бягучым годзе страда ўскладняецца тым, што зрушыліся тэрміны паспявання сельгаскультур, і даводзіцца адначасова ўбіраць азімыя, яравыя збожжавыя, рапс, адразу ўбіраць салому і выводзіць на вызваленыя палі трактары для ўзворвання пад зябліва. "На аднаго камбайнера сур'ёзная нагрузка - больш за 400 га, і не хапае механізатараў на ўсю энерганасычаную тэхніку. На прасцейшыя работы прыцягваем вадзіцеляў збоку, але на збожжаўборачных камбайнах працуюць толькі вопытныя работнікі. У бягучым годзе прыцягнулі з прадпрыемстваў раёна 11 чалавек на час жніва", - расказаў кіраўнік раёна.
Сяргей Галынчык адзначыў, што зачын на ўраджай 2026 года пакладзены ўжо, у раёне асобныя гаспадаркі сеюць азімыя культуры. "У нас ёсць планы павялічыць азімы клін з 6 да 8 тыс. га, гэта ўключаючы травы, якія пойдуць на корм жывёле", - сказаў ён.
На Гарадоччыне ўбрана 37 працэнтаў плошчаў, усе 26 камбайнаў, якія ёсць у сельгаспрадпрыемстваў раёна, працуюць у палях. "Мы цалкам забяспечаны тэхнікай на адвозцы збожжа. Механізатараў хапае, ужо не першы год на час уборачнай кампаніі прыязджаюць дапамагаць работнікі іншых арганізацый раёна, Віцебска. Працуем па ўсіх культурах - дабіраем азімы рапс, убіраем азімыя авёс, пшаніцу, жыта, ячмень, пачалі ўбіраць яравыя культуры. Уборка ўскладняецца тым, што даводзіцца працаваць у даволі экстрэмальных умовах - не ўсюды яшчэ збожжаўборачная тэхніка можа зайсці, у палях разам з камбайнамі дзяжураць цягачы, каб аператыўна выцягваць камбайны, якія вязнуць. У прынцыпе азімы ўраджай у бягучым годзе нядрэнны, культуры паказалі сябе добра, перазімавалі нядрэнна", - праінфармаваў першы намеснік старшыні - начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гарадоцкага райвыканкама Аляксей Арлоў.
Ігар Сергяенка пагутарыў з кіраўнікамі гаспадарак, каб даведацца, ці ёсць праблемы на ўборачнай. "Парадак дня бягучага дня - гэта арганізацыя ўборачнай кампаніі ў Віцебскай вобласці, якая выйшла на зададзеныя тэмпы, якіх у пачатку ўборкі не было - з-за ўмоў надвор'я, непаваротлівасці, несабранасці. Але тое, што я сёння ўбачыў на палях Бешанковіцкага, Шумілінскага і ў Гарадоцкім раёне, аб'ядноўвае адно - кіраўнікі і ўсе работнікі сельгаспрадпрыемстваў настроены на актыўную ўборку", - ацаніў ход жніва на Віцебшчыне старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Ён таксама ў палях пагаварыў з камбайнерамі, даведаўся, як арганізавана іх работа, ці забяспечваюць механізатараў спецадзеннем, прадуктамі харчавання, як ход уборачнай кампаніі паўплываў на заработак аграрыяў і наколькі хутка праводзіцца рамонт тэхнікі, якая выходзіць са строю. "Складана заходзіць на поле, але арганізавана ўсё, камбайны працуюць. Я пацікавіўся, ці ёсць праблемы з рамонтам, не ў кіраўнікоў, а ў тых людзей, якія працуюць. Так, камбайны выходзяць са строю. А калі 15 разоў на працягу дня даводзіцца камбайн выцягваць цяжкім трактарам, калі ён буксуе, зразумела, што гэта таксама ўплывае на працаздольнасць тэхнікі. Але своечасова аказваецца дапамога і арганізаваны рамонтныя брыгады, і з заводам-вытворцам наладжаны кантакты", - адзначыў Ігар Сергяенка.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу, што тэмп уборачнай кампаніі ў паўночным рэгіёне нарастае, жніво ў рэгіёне набліжаецца да экватара. "Ёсць упэўненасць, што Віцебшчына выйдзе на той ураджай, які плануецца, прагназуецца. Я думаю, што ён будзе вышэйшы за мінулагодні", - рэзюмаваў кіраўнік дэпутацкага корпуса Беларусі.
Таксама на яшчэ адной сустрэчы ў Гарадоцкім райвыканкаме з прадстаўнікамі мясцовай улады Ігар Сергяенка абмеркаваў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за паўгоддзе.