Адным з цэнтральных мерапрыемстваў "Вішнёвага фестывалю" з'яўляецца гала-канцэрт з удзелам майстроў сцэны з розных краін. У амфітэатры на беразе возера Кагальнае разгарнуўся вялікі паказ. У бягучым годзе на 13-ы фестываль прыехалі творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы, якія прэзентуюць культуру Беларусі, Расіі, Карэі, Грузіі, Індыі, Арменіі, Латвіі.
У адрас фестывалю прыйшло шмат віншаванняў з цёплымі словамі. І для саміх жыхароў райцэнтра ягадны фэст заўсёды становіцца нагодай для радасці і доўгачаканых сустрэч з сябрамі з розных краёў.
"Сёння для нас асаблівы дзень. "Вішнёвы фестываль" даўно перарос рамкі рэгіянальнага мерапрыемства і стаў сапраўдным брэндам нашага раёна, сімвалам дружбы і гасціннасці. Глыбокае па праву лічыцца вішнёвай сталіцай нашай краіны. Дзякуючы працы і энтузіязму мясцовых селекцыянераў, у першую чаргу, Баляслава Лапыра, наш край ператварыўся ў сапраўдны рай для аматараў гэтай цудоўнай ягады. Сёння жыхары Глыбоччыны з гонарам прадаўжаюць гэту традыцыю, ператвараючы фестываль у яркую падзею міжнароднага ўзроўню. Наш фестываль - гэта не проста свята, гэта мост паміж культурамі, які аб'ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей. Тут, у засені квітнеючых вішань, мы вучымся разумець мастацтва без слоў, гаварыць на мове дружбы і ўзаемапавагі", - вітаў гасцей фестывалю старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі.
На сцэне канцэртнай пляцоўкі калектывы ў суправаджэнні вішнёвага "шоу-балета" выканалі песні аб Глыбокім. Таксама прагучалі радкі пра Беларусь, хараство роднага краю, каханне і сяброўства. Госці вішнёвай сталіцы прадставілі і харэаграфічныя нумары, падарыўшы гледачам свята прыгажосці і грацыі.