"Будучыня Беларусі ў тваіх руках". Тэматычныя муралы "Марафону адзінства" адкрылі ў Віцебску

02.12.2024

Два тэматычныя арт-аб'екты "Будучыня Беларусі ў тваіх руках" адкрылі на "Марафоне адзінства" ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Арт-аб'екты размясціліся на сценах Віцебскага лядовага палаца спорту. У цэнтры выявы - мужчынскія, жаночыя і дзіцячыя рукі як сімвал адзінства сям'і, захавання традыцый, сувязі пакаленняў. Гэтыя рукі разам трымаюць сімвалічны абрыс нашай краіны на фоне хараства беларускай прыроды.

"Сёння чарговы арт-аб'ект адкрыты ў Віцебску. Добра, што практычна кожны горад уносіць свой элемент. У гэтым выпадку аб'ект для мурала быў выбраны не выпадкова. Гэта лядовы палац - месца, дзе аб'ядноўваюцца аматары спорту, жыхары Віцебска і яго госці", - адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ, член Савета Рэспублікі Аляксандр Лук'янаў.

Ён таксама дадаў, што моладзь на гэты раз прапанавала нанесці адразу два арт-аб'екты. "Яны практычна сіметрычна размешчаны ад увахода. Гэта наш традыцыйны малюнак з вельмі моцным слоганам, глыбокім па ідэалагічным змесце - "Будучыня Беларусі ў тваіх руках", - падкрэсліў Аляксандр Лук'янаў.

БелТА