У перыяд акупацыі на тэрыторыі раёна было створана больш за 80 падпольна-дыверсійных груп, 52 з якіх - сямейныя. Іх байцамі станавіліся жанчыны, старыя, падлеткі і нават дзеці. Узрываліся харчовыя і зброевыя склады, палала мясцовая электрастанцыя. Гітлераўцы тут ні хвіліны не адчувалі сябе спакойна.
Партызанскі рух у Аршанскім краі ўзначаліў чыгуначнік, інжынер Канстанцін Заслонаў. Ён накіраваў пісьмо ў Наркамат пуцей зносін і папрасіў дазволу на стварэнне дыверсійнага атрада ў тыле ворага. Яго ідэю падтрымалі 30 чыгуначнікаў з Оршы, якія знаходзіліся ў эвакуацыі. Пасля двухтыднёвай падрыхтоўкі ў школе дыверсантаў быў сфарміраваны партызанскі атрад пад камандаваннем Канстанціна Сяргеевіча, які накіравалі назад у Оршу.
Са снежня 1941 года па люты 1942-га ў трохвугольніку Орша - Віцебск - Смаленск практычна кожны дзень здараліся надзвычайныя сітуацыі. Калі немцы сталі здагадвацца, што за ўсімі здарэннямі стаіць менавіта Заслонаў, ён пайшоў да партызанаў. Да лета 1942-га Заслонаў ужо ўзначальваў брыгаду з пяці атрадаў. За галаву камбрыга немцы абяцалі 50 тыс. рэйхсмарак. Нават пасля яго смерці фашысты не адмянялі гэту ўзнагароду на працягу года.
Віцебска-Аршанская наступальная аперацыя, якая прайшла 23-28 чэрвеня 1944 года, стала адным з першых этапаў беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі "Баграціён". Фронт каля Оршы, па правым беразе Дняпра, стаяў на працягу 9 месяцаў. Увесь гэты час байцы Чырвонай Арміі не маглі падысці да горада. Менавіта тут праходзіла найбольш умацаваная частка Усходняга вала - ахоўнай лініі гітлераўцаў, паўночная частка якой атрымала назву "Пантэра".
Пры вызваленні Оршы байцы Чырвонай Арміі праявілі бяспрыкладныя мужнасць і гераізм. За вызваленне аршанскай зямлі дзясяткі з іх атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.
Орша стала сямнаццатай у спісе гарадоў і населеных пунктаў, у якія адправіліся аўтары праекта "Цытадэлі мужнасці".
Публікацыі праекта выходзяць у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА раз у два тыдні. Усяго будзе 36 матэрыялаў - аб кожным з населеных пунктаў, узнагароджаных вымпелам "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны".