Міжнародны форум захоўвае адукацыйны вектар. "Акрамя нашай тэатральнай лабараторыі, вынікам работы якой за тры гады стала тое, што ў гэтым годзе тэатральную праграму на "Славянскім базары" адкрывае "Гамлет", яго вы ўпершыню пачуеце на беларускай мове. Гэта якраз Аляксандр Аляксандравіч Бармак, які трэці год узначальвае тэатральную лабараторыю - у гэтым годзе мы з ГІТІСам таксама яе рэалізуем. Далей у нас пад патранажам Тамары Сіняўскай з'явіцца прадаўжэнне вакальнай лабараторыі, - расказаў Глеб Лапіцкі. - Нам падказалі, што мы крыху абдзяляем увагай інструментальшчыкаў. А інструментальшчыкі Віцебска - гэта наогул асобная каста, таму што ў Віцебску самая моцная школа домры, беларускага нацыянальнага інструмента. Калі мы думалі, як гэта аб'яднаць, то зразумелі, што трэба яшчэ прыцягнуць рускі нацыянальны інструмент - балалайку. А лепшая школа балалайкі - у Гнесінцы (Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных. - Заўвага БЕЛТА)".
Пасля тэлефоннай размовы з рэктарам і асабістай сустрэчы бакі вырашылі - праекту быць. "Цяпер мы будзем праводзіць разам з Гнесінкай на базе нашага музычнага каледжа імя Салярцінскага інструментальную лабараторыю", - рэзюмаваў Глеб Лапіцкі.
Інструментальная лабараторыя ў бягучым годзе пачне працаваць на "Славянскім базары" ўпершыню. Такія праекты, паводле яго слоў, паказваюць, што гэты форум "не толькі пра танцы, забавы і гэтак далей, але і выставачная, тэатральная праграма "Лялечнага квартала", велізарная філарманічная праграма".
Сярод членаў журы будзе калумбійска-амерыканская піяністка Пілар Лейва, кандыдатуру якой прапанавалі партнёры віцебскага фестывалю ў Калузе. Глеб Лапіцкі адзначыў, што размова ідзе аб конкурсе артыстаў, у журы якога ёсць прадзюсары, харэографы, інструменталісты, і яны ў комплексе павінны ацаніць артыста, які ў сваю чаргу павінен "узяць за жабры" шасцітысячны амфітэатр.
"Славянскі базар" - адзіны фестываль у свеце, для якога няма меж. У адрозненне ад некаторых іншых праектаў, на якія запрашаюць або не запрашаюць, мы запрашаем усіх", - адзначыў дырэктар форуму, дадаўшы, што гэта пацвярджае і нязменны дэвіз фестывалю "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". 5 ліпеня пачынаецца праграма "Славянскага базару" з майстар-класа Пілар Лейвы ў Мінску ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі для лепшых піяністаў краіны па яе аўтарскай методыцы.
Прэс-канферэнцыя прайшла ў Медыяцэнтры Віцебскай вобласці з удзелам прадстаўнікоў СМІ абласцей краіны і Мінска, а таксама рэгіёнаў Расіі. Мерапрыемства дало старт міждзяржаўнаму прэс-туру, які прысвечаны падрыхтоўцы і правядзенню ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". У праграме - наведванне асноўных пляцовак форуму, уключаючы Летні амфітэатр, Алею лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення", выставачная зала "Духаўскі круглік" з прадстаўленымі ў ёй першай "базарнай афішай" і акрэдытацыямі знакамітых зорак і абноўленая канцэртная зала "Віцебск". "Славянскі базар" у гэтым годзе пройдзе з 9 па 15 ліпеня.