Першыя партызанскія атрады на Віцебшчыне былі створаны ўжо ў ліпені 1941 года. Адзін з іх, які дзейнічаў на тэрыторыі Суражскага раёна (цяпер г.п. Сураж уваходзіць у склад Віцебскага), узначаліў дырэктар кардоннай фабрыкі імя Вароўскага Мінай Шмыроў. Першапачаткова ў яго ўвайшлі 25 рабочых фабрыкі. Баявое хрышчэнне народныя мсціўцы прайшлі 25 ліпеня, пасля чаго яшчэ не раз нападалі на нямецкія аўтамабілі і знішчалі невялікія групы варожых салдат. А ў верасні, калі ў атрадзе ўжо налічвалася больш за сто чалавек, партызаны напалі на нямецкі гарнізон у Суражы, пасля чаго на пароме пераправіліся на правы бераг Заходняй Дзвіны і схаваліся ў лясах.
Ацаніўшы ўсю небяспеку партызанскага руху, акупанты прымаюць кардынальныя меры па знішчэнні атрада. За галаву "бандыта нумар адзін", як Шмырова называлі гітлераўцы, яны абяцаюць неймаверную па тым часе суму 50 тыс. марак і ў дадатак дом, зямельны ўчастак, карову і каня. Калі зразумелі, што здраднікаў, гатовых выдаць месцазнаходжанне Бацькі Міная, няма, вырашылі вызваць яго іншым спосабам. 22 кастрычніка 1941 года арыштавалі чацвярых яго дзяцей, якіх Шмыроў не паспеў эвакуіраваць. Амаль чатыры месяцы яны знаходзіліся ў турме ў Суражы, а пасля былі забіты. Гэту страшную трагедыю Шмыроў пранёс праз усё сваё жыццё.
А тым часам праз Суражскія вароты ў тыл ворага сістэматычна накіроўваліся новыя партызанскія атрады, разведвальныя і дыверсійныя групы, зброя і боепрыпасы, медыкаменты, ішла эвакуацыя ў тыл параненых партызан і грамадзянскага насельніцтва Віцебшчыны. Усяго праз Суражскія вароты за 8 месяцаў іх існавання эвакуіраваліся больш за 200 тыс. чалавек.
Сураж стаў восьмым у спісе населеных пунктаў, у які адправіліся аўтары праекта "Цытадэлі мужнасці".
Праект "Цытадэлі мужнасці" выходзіць у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА раз у два тыдні. Усяго будзе апублікавана 36 матэрыялаў - аб кожным з населеных пунктаў, узнагароджаных вымпелам "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны".