Выстава эцюдаў і замалёвак пецярбургскай мастачкі Таццяны Баранавай адкрыецца ў Віцебску

09.02.2024

У Віцебску 8 лютага адкрываецца выстава мастака, дызайнера, мультыплікатара і архітэктара з Санкт-Пецярбурга Таццяны Баранавай "Акварэль. Накіды. Замалёўкі". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Дзіцячай мастацкай школе Віцебска.

Пяць дзясяткаў работ размясціліся ў выставачнай зале школы. У асноўным прадстаўлены пленэрныя эцюды, партрэты і замалёўкі. "Вельмі цікавыя класічныя работы: творчыя, лёгкія і ўзнёслыя, аб'яднаныя пэўнай тэматыкай. Гэта акварэль, накіды алоўкам і графічныя, пленэрныя замалёўкі. Выбар аўтара вызначаны імкненнем паказаць, чаму ў мастака можна павучыцца. Акрамя таго гэта знаёмства навучэнцаў з расійскай, нават савецкай акадэмічнай школай", - сказаў дырэктар установы адукацыі Валерый Трацэўскі.

Таццяна Баранава каля тыдня знаходзіцца ў Віцебску, дзе перыядычна папаўняе калекцыю сваіх работ замалёўкамі. Іх героямі становяцца людзі, якія сустракаюцца ёй у час паездак у грамадскім транспарце. Сваім майстэрствам аўтар падзеліцца з навучэнцамі школы ў час майстар-класаў, размоў пра мастацтва і творчы шлях. Таццяна Баранава працавала школьным настаўнікам, выкладала ў архітэктурным каледжы, была архітэктарам у праектным інстытуце і мастаком-мультыплікатарам на кінастудыі навукова-папулярных фільмаў. Выяўленчае мастацтва аўтар называе дзённікам свайго жыцця, які сабраў у сабе ўсё, што выклікала ў жанчыны захапленне і натхняла.

"Проста ўбачыць работы - гэта адно. Але пагаварыць з аўтарам, задаць пытанні, даведацца пра нейкія сакрэты творчасці і некаторыя гістарычныя факты ў фарміраванні мастака ў розныя перыяды - гэта заўсёды вельмі цікава і для мастакоў-пачаткоўцаў, і для навучэнцаў, якія звязаны з мастацтвам і вывучаюць розныя тэхнікі, у тым ліку праз творчасць цікавых майстроў", - адзначыў дырэктар школы.

Выстава "Акварэль. Накіды. Замалёўкі" адкрыецца ў 17.00 у Дзіцячай мастацкай школе па вул.Суворава, 3. Усе жадаючыя незалежна ад узросту змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй да канца месяца.

БелТА