Гонкі пройдуць на біятлоннай трасе Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту. Каманды прыбудуць сюды 24 студзеня, на наступны дзень у іх запланаваны афіцыйныя трэніроўкі. Барацьба за першыя медалі разгорнецца 26 студзеня. Адкрыюць праграму спаборніцтваў мас-старты ў юнакоў (10 км) і дзяўчат (7,5 км) 2005-2006 гадоў нараджэння. У суботу юных спартсменаў чакае змешаная эстафета і гонка праследавання.
Спаборніцтвы збяруць прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў краіны і сталіцы. Усяго за перамогу будуць змагацца сем каманд, у складзе якіх каля 150 спартсменаў. Выступяць яны ў чатырох узроставых катэгорыях, самым малодшым біятланістам 11 гадоў. Па выніках 4-га этапу Кубка Беларускай федэрацыі біятлона разыграюць восем камплектаў медалёў. Лепшых вызначаць у асабістым і камандным заліку ва ўсіх катэгорыях.
Віцебскую вобласць на спаборніцтвах прадставяць 28 спартсменаў. "Склад у нас моцны, паколькі мы апярэджваем і Мінск: цяпер маем 1966 ачкоў, у Мінска ж набрана 1703 ачкі. Які год запар каманда Віцебскай вобласці выйгравала ў гэтых спаборніцтвах. Біятланісты, якія ўваходзяць у яе склад, - прызёры гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Чарговы раз каманда мае намер прынесці Кубак федэрацыі біятлона, - адзначылі ў Віцебскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту. - Пасля этапу Кубка федэрацыі старэйшыя ўзроставыя групы будуць рыхтавацца да ўдзелу ў першынстве Рэспублікі Беларусь па біятлоне, якое пройдзе ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" 4-8 лютага".