«Галоўнае, што вы паспяхова прыляцелі». Варыянты падтрымкі сям'і з сектара Газа абмеркавалі ў Наваполацку

20.11.2023

У Наваполацку абмеркавалі меры падтрымкі, неабходнай цяпер беларусцы і членам яе сям'і, якія літаральна гэтай раніцай прыбылі ў горад пасля эвакуацыі з сектара Газа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сустрэча прайшла ў Наваполацкім гарвыканкаме. Сярод удзельнікаў былі члены сям'і Махдзі, старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Алег Буевіч, галоўны ўрач Наваполацкай ЦГБ Ірына Шамянкова, прадстаўнікі мясцовых арганізацый "Беларускі саюз жанчын" і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Задача - даведацца больш пра планы сям'і, каб зразумець, якая дапамога ім патрэбна сёння і ў бліжэйшы час.

Старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Алег Буевіч адзначыў, што рады іх усіх бачыць. "Вельмі перажывалі, калі самалёт адправіўся з Мінска за вамі. Ведаем, што вы ляцелі гадзін шэсць, паколькі цяпер трэба аблятаць многія краіны. Самае галоўнае, што вы жывыя і паспяхова прыляцелі. Нават тыя кадры, якія мы бачым (па тым, што адбываецца ў сектары Газа. - Заўвага БЕЛТА) па навінах, - гэта проста жудасць, калі называюць лічбы загінулых, у ліку якіх дзеці і жанчыны, раўняюцца з зямлёй дамы, бальніцы, школы, пакутуюць мірныя людзі". Ён дадаў, што ў Беларусі ўважліва назіралі за развіццём падзей і перажывалі.

У Наваполацку, родным для Таліны Махдзі горадзе, сям'і гатовы аказаць усю неабходную дапамогу. Жанчына прыбыла ў Беларусь з мужам Нідалем і сынамі Юсіфам і Амірам. Старэйшы Фарыз жыве і працуе ў Наваполацку - стаматолагам у мясцовай паліклініцы. На сустрэчы ішла размова пра ўсё: ад жыллёвых пытанняў, навучання, работы да дробных бытавых. Фарыз пацікавіўся магчымасцю атрымання арэнднага жылля. Яму трэба падаць адпаведнае хадайніцтва. Пакуль жа ўся сям'я будзе жыць тут у сваёй кватэры.

Старшыня Наваполацкай гарадской арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Фурс уручыла сям'і Махдзі камплект пасцельнай бялізны і плед. Адразу пасля сустрэчы Махдзі адправіліся ў мясцовае аддзяленне Чырвонага Крыжа, дзе змаглі выбраць сабе цёплыя рэчы па надвор'і.

Сям'я Махдзі прыбыла ў Наваполацк раніцай 17 лістапада. Да Мінска іх даставілі гуманітарным рэйсам, арганізаваным па даручэнні Прэзідэнта Беларусі.

МЗС раней паведамляла, што беларускі бок у кантакце з калегамі з Ізраіля і Егіпта, а таксама пры садзейнічанні Расіі і Катара правёў работу па арганізацыі выхаду беларускіх грамадзян і членаў іх сем'яў з сектара Газа. Размова ішла аб эвакуацыі грамадзян Беларусі, якія прайшлі праз пагранічны пераход "Рафах" на тэрыторыю Егіпта. Напярэдадні за беларусамі адправілі гуманітарны рэйс "Белавія" з медыкамі і псіхолагамі з Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС "ЗУБР" на борце. Яны аказалі дарослым і дзецям неабходную дапамогу. Самалёт даставіў эвакуіраваных у Мінск мінулай ноччу.

БелТА