Брэсцкі і віцебскі драмтэатры абмяняюцца гастролямі

03.10.2023

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа правядуць абменныя гастролі. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па рэкламнай камунікацыі БАТД Кацярына Міхалькевіч.

Першымі гасцявую сцэну апрабуюць віцебскія артысты. Адзін з найстарэйшых тэатральных калектываў краіны выступіць у Брэсце 19-20 кастрычніка. Коласаўскі тэатр прадставіць меладраму "Гісторыя кахання" паводле аднайменнай аповесці Эрыка Сігала ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай федэрацыі Юрыя Пахомава. У вячэрняй праграме таксама камедыя "Фантыкі" паводле п'есы Рэя Куні "Смешныя грошы". Абодва спектаклі ідуць з паметкай "16+". Для дзіцячай аўдыторыі прызначана лірычная казка паводле матываў апавядання Д.Маміна-Сібірака "Шэрая шыйка".

Гастролі ў адказ БАТД у Віцебску запланаваны на 9-10 лістапада. Брэсцкая трупа прадставіць віцябчанам камедыю А. Астроўскага "Праўда - добра, а шчасце лепш" і камедыю-фарс паводле п'есы сучаснага драматурга Аляксандра Кароўкіна "Адчайныя цёткі". На юных гледачоў разлічаны музычны спектакль рэжысёра Дзяніса Фёдарава паводле адной з любімых дзіцячых казак "Царэўна-лягушка".

Сцэна Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы гэтымі днямі таксама пуставаць не будзе: з гастролямі тут выступіць Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Адзін з лідараў сучаснага беларускага тэатра пакажа два свае самыя інтрыгуючыя спектаклі - "Шлюб з ветрам" і "Пачупкі" ў пастаноўцы рэжысёра Яўгена Карняга.

У той час, як у Брэсце будуць выступаць коласаўцы, трупа БАТД адправіцца ў Ніжні Ноўгарад для ўдзелу ў ХІ Расійскім тэатральным фестывалі імя М. Горкага. На форум брастаўчане вязуць адну з самых яркіх сваіх работ - спектакль "Алеся" паводле аповесці А. Купрына ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Цімафея Ільеўскага.

Дарэчы, прэм'ерная работа рэжысёра - эксцэнтрычная камедыя паводле п'есы М. Гогаля "Жаніцьба" - вылучана на Нацыянальную тэатральную прэмію ў намінацыі "Лепшы спектакль тэатра драмы для вялікай сцэны". У рамках другога этапу рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва спектакль пакажуць 15 лістапада на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

БелТА