Прадукцыя Аршанскага льнокамбіната выклікала цікавасць у наведвальнікаў выстаўкі ў Сеуле

30.08.2023

Дэлегацыя Аршанскага льнокамбіната пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Рэспубліцы Карэя прыняла ўдзел у штогадовай выстаўцы тэкстыльнай прадукцыі Preview in Seoul. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай загранустанове ў Сеуле.

Экспазіцыя арганізавана Карэйскай федэрацыяй тэкстыльнай прамысловасці сумесна з Міністэрствам гандлю, прамысловасці і энергетыкі, а таксама адміністрацыяй горада Сеул. У мерапрыемстве ўдзельнічалі больш за 450 прадпрыемстваў з розных краін, якія прадставілі тканіны, пражу, гатовае адзенне і аксесуары, абсталяванне для швейнай прамысловасці.

На стэндах беларускага вытворцы быў прадстаўлены шырокі асартымент вырабляемых ільняных тканін і вырабаў з іх, якія выклікалі цікавасць сярод наведвальнікаў выстаўкі. Іх увазе былі прадстаўлены каталогі і брашуры аб вытворчым і экспартным патэнцыяле Аршанскага льнокамбіната.

Беларуская дэлегацыя правяла сустрэчы з карэйскімі бізнес-коламі і імпарцёрамі, у ходзе якіх абмеркаваны пытанні наладжвання ўзаемавыгаднага дзелавога супрацоўніцтва.

БелТА