Тэатральны інтэрактыў, майстар-клас і квест: у Віцебску адзначаць 136-годдзе з дня нараджэння Шагала

07.07.2023

Тэатральна-музычны інтэрактыў, майстар-клас па размалёўцы прадметаў, квест і прэзентацыя больш як 60 рэдкіх кніжных выданняў - падарунка ад нашчадкаў мастака адбудуцца ў Віцебску 7 ліпеня, у 136-ю гадавіну з дня нараджэння Марка Шагала. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар музея Марка Шагала ў Віцебску Ірына Воранава.

Падарунак музею прэзентуюць у 12.00 у Арт-цэнтры Марка Шагала. Яго 12 чэрвеня прыслалі ўнучкі майстра Мерэт і Бэла Меер. Груз уключае больш за 60 рэдкіх кніжных выданняў з асабістай бібліятэкі мастака з яго апошняга дома ў Сен-Поль-дэ-Вансэ недалёка ад Ніцы. Тут і арыгінальныя графічныя лісты Шагала. Як адзначылі ва ўстанове, паколькі графіка мае сваю спецыфіку (яна не можа знаходзіцца пад ультрафіялетавым выпрамяненнем больш за тры месяцы ў год), то, як і ўся астатняя калекцыя ўстановы, гэтыя лісты будуць уключаць у экспазіцыі толькі на час.

"Мы з пачатку года вялі перагаворы з нашчадкамі мастака. Апошні раз яго ўнучкі перадавалі ў дар Віцебску і музею амаль 25 гадоў таму - у 1999 годзе. Гэты дар мы якраз прадставім у дзень нараджэння мастака, і ён застанецца ў экспазіцыі ў Арт-цэнтры на перыяд "Славянскага базару", а потым пойдзе ў фонды для апрацоўкі і афармлення спецыяльных дакументаў. Пасля апрацоўкі будзе выкарыстоўвацца ў экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці музея", - сказала Ірына Воранава.

Кнігі стануць часткай навуковай бібліятэкі музея Марка Шагала, якая налічвае цяпер больш за 5 тыс. выданняў. Некаторыя падарункавыя экзэмпляры будуць экспанаваць на часовых выставах. Акрамя таго, усе яны будуць даступны для работы даследчыкаў, як і іншыя выданні з гэтай бібліятэкі.

Астатнія падзеі, прымеркаваныя да 136-годдзя з дня нараджэння майстра, прыме Дом-музей Марка Шагала. У 17.00 удзельнікі свята сустрэнуцца каля помніка мастаку ў пачатку вуліцы Пакроўскай, каб ускласці кветкі або згодна з іўдзейскай традыцыяй - каменьчыкі. Потым госці перамесцяцца ў сад дома-музея, дзе іх чакае тэатральна-музычны інтэрактыў ад ансамбля "Наша песня" і аматарскага тэатра "Мянора" - яго артысты прадставяць пастаноўку "Адэскі дворык" паводле п'есы Яўгена Клямята.

"Паколькі ў гэтым годзе не юбілейная дата, мы адзначаем яе па-сямейнаму: прыходзяць тыя, хто лічыць патрэбным павіншаваць мастака з днём нараджэння, - адзначыла Ірына Воранава. - Не першы год супрацоўнічаем з віцебскай яўрэйскай абшчынай, цяпер яны нас таксама падтрымалі. У бягучым годзе будзе невялікі тэатральны паказ і музыканты, вакальны ансамбль ад яўрэйскай абшчыны. Падтрымлівае нас у гэтым годзе і літаратурны клуб "Літкафейнік" з праграмай вершаў пра Віцебск, самога мастака і яго музу Бэлу. Таксама пройдуць майстар-клас ад Марыны Якаўлевай (Карман) па размалёўцы сэрцаў і квест па нашай экспазіцыі".

У дзень нараджэння майстра і Дом-музей, і Арт-цэнтр Марка Шагала ў Віцебску будуць прымаць гасцей бясплатна.

БелТА