Кіраўнік маштабнага творчага форуму анансаваў шмат творчых сюрпрызаў для гледачоў. "Сёння будзем абмяркоўваць і адкрыццё, і закрыццё фестывалю. Робяцца зусім новыя эксперыментальныя нумары, новыя механізмы сцэны будуць задзейнічаны. Сюрпрызы будуць на кожнай лакацыі", - растлумачыў ён.
Унікальным эпізодам стане выхад на сцэну адразу двух Дзядоў Марозаў. "Будуць сюрпрызы нават зусім не летнія. Напрыклад, на фестывалі сустрэнуцца два Дзяды Марозы: беларускі з Белавежскай пушчы і расійскі з Вялікага Усцюга. Для чаго яны сюды прыедуць - сачыце за фестывалем і пра ўсё даведаецеся", - сказаў Глеб Лапіцкі. Ён прыадкрыў тайну, адзначыўшы, што нумары з гэтымі казачнымі персанажамі на сцэне стануць напаўненнем дзіцячага конкурсу.
Больш за 20 канцэртных пляцовак будуць задзейнічаны на сёлетнім фестывалі. І гэта не толькі лакацыі з месцамі для гледачоў, але і пляцоўкі open-air, сем пляцовак фэсту вулічнага мастацтва і іншыя. "Новая пляцоўка на нашых віцебскіх пірамідах - "Марка-сіці", у парках імя Савецкай Арміі (Мазурына), Фрунзэ, - растлумачыў дырэктар фестывалю. - І, вядома ж, нашы абноўленыя пляцоўкі. Легендарны Летні амфітэатр у бягучым годзе адзначае сваё 35-годдзе і ўжо атрымаў падарунак - удасканаленую арку, а таксама нашу канцэртную залу, якая набыла іншае знешняе аблічча, як і яе прылеглая тэрыторыя".
На ўдзел у "Славянскім базары" заявіліся ўжо каля трох дзясяткаў краін. Арганізатары чакаюць для акрэдытацыі больш за 5 тыс. удзельнікаў.
"За ўсю гісторыю прадстаўнікі больш як 85 краін прыязджалі для ўдзелу ў творчым форуме. Сёлета па-новаму адкрываецца Афрыканскі кантынент - гэта не толькі творчыя калектывы, але і члены журы. Напрыклад, з Зімбабвэ чакаем члена журы, папулярнага выканаўцу гэтай краіны. І гэта, напэўна, сведчыць аб тым, што славянская культура крочыць усё далей і далей. І для славянскай культуры няма ніякіх межаў", - сказаў на заканчэнне Глеб Лапіцкі.
Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 12 па 17 ліпеня.