Экафэст-2013

24.09.2013

Грыбны выхадны
У мінулую суботу ў лясных масівах Палатоўскага і Маласітнянскага сельсаветаў Полацкага раёна з самага ранку чуліся галасы грыбнікоў. Гэта аматары ціхага палявання — жыхары Полацка і Полацкага раёна — каля 120 каманд — прымалі ўдзел у традыцыйным Грыбным чэмпіянаце, які сёлета адзначаўся ў нашым раёне ў 4-ы раз.

 

З наваселлем!
Чэмпіянат праходзіў у рамках раённага праекта «Экафэст-2013« разам са святам «У гасцях у Полацкага Лесуна« і экалагічным фестывалем «Ад экалогіі прыроды да экалогіі душы«. З сёлетняга года мерапрыемства змяніла прапіску: пераехала з Маласітнянскага сельсавета ў Палатоўскі. Справіў сёлета наваселле і Полацкі Лясун: з хутара Якаўцы, з Воранаўскага лесу Зялёнкаўскага сельсавета пера­браўся жыць у вёску Казімірова Палатоўскага сельсавета.

Пачастункі для гасцей
Пакуль грыбнікі спаборнічалі ў зборы дароў лесу, на галоўнай паляне свята — на тэрыторыі аздараўленчага лагера «Чайка« ў вёсцы Казімірова — ладзіўся «Экафэст-2013«. Гасцінна сустракалі гасцей 5 падворкаў — Полацкага і Дрэтунскага лясгасаў, «Полацклеса«, Полацкага ляснога каледжа і Палатоўскага сельсавета. Яны рэалізоўвалі праект «Полаччына хлебасольная«: арганізавалі выставу-дэгустацыю страў «Усе смакі лесу ў Полацкіх дэлікатэсах« і прапаноўвалі ўху, грыбны суп, мёд, шашлык, пірагі з ягадамі і травяныя чаі.


Старшыня Палатоўскага сельсавета Інга Казлова запрашала пачаставацца дранікамі, клёцкамі, маласольнымі агуркамі і духмяным мёдам. Дырэктар Захарніцкага СДК Надзея Дыянава расказала, што прэзентацыю падворка і стравы беларускай кухні яны рыхтавалі аб'яднаным сельсаветам: нядаўна да Палатоўскага далучылі Юравіцкі сельсавет.
На падворку Полацкага лясгаса мы пазнаёміліся з ляснічым Палатоўскага лясніцтва Дзмітрыем Дрыла — адзіным з Полацкага раёна, якому да Дня работнікаў лесу было прысуджана званне «Ганаровы лесавод». Яго калега Сяргей Смякалін распавёў, як правільна звязаць венік для лазні, якую карысць для здароўя чалавека прыносяць банныя працэдуры.
Дрэтунскі лясгас парадаваў прыгожай кампазіцыяй з дароў лесу: падворак упрыгожылі клюквай, калінай. Убачылі мы і жывога вожыка. Дырэктар лясгаса Сяргей Лындо адзначыў, што напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў лесу — у яго калег — добры настрой, якім яны хацелі падзяліцца з усімі ўдзельнікамі «Экафэсту-2013».
Буфетчыца ААТ «Полацклес» Ларыса Сцепаненка прывезла на свята чабурэкі, піражкі з капустай. Разам з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Вольгай Яновіч яны дзяліліся сакрэтамі прыгатавання смачных страў з выкарыстаннем дароў лесу.
Супрацоўнікі Ляснога каледжа з дапамогай клуба «Полацкі звяз» разгарнулі рыцарскі шацёр, у якім прапаноўвалі пачаставацца смачнымі пірагом з ягадамі і напоямі з траў.

Пра карысць траў
Удзельніцы аматарскага аб'яднання «Полацкія траўніцы» Поалцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы падрыхтавалі тэматычную праграму, прысвечаную экалогіі, зрабілі цікавыя буклеты «Аб карысці і лячэбных уласцівасцях лясных дароў», частавалі гасцей свята смачнымі фітачаямі.
Людміла Пашкевіч, бібліятэкар Завозерскай бібліятэкі, і яе калега з Гваздова Людміла Дулянкова прыехалі на свята ў прыгожых касцюмах: вырабілі капялюшы ў выглядзе грыбоў, і выглядалі вельмі элегантна. Бібліятэкар Ветрынскай бібліятэкі Маіна Лысёнак прыгатавала смачны хлеб, Таццяна Рубін з Мацюшоў — фітачай «Бодрасць». Наталля Хома з Ветрынскай бібліятэкі вырабіла прыгожых лялек-засцерагальніц ад хвароб і ўсялякіх бед.
Полацкі раённы цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур прадставілі некалькі майстроў, якія прыехалі на свята на чале з дырэктарам Валянцінай Крук. Палачанка Леангіна Амяльчонак здзівіла ўсіх вырабленымі з розных матэрыялаў прыгожымі дамавічкамі, якія, па яе словах, прыносяць удачу і багацце.

Вынікі — на дошку
А тым часам першыя грыбнікі вярнуліся з лесу. Каманда ААТ «Беларусбанк» у складзе Кацярыны Краюхінай, Людмілы Клопавай, Таццяны Каратыш і Мікіткі Краюхіна назбірала 15,5 кілаграма грыбоў. У добрым настроі была і старшыня Зялёнкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Ала Лапановіч: яны разам з Таццянай Маслявец, Раісай Якаўлевай і Аляксандрам Мацкевічам былі ў лесе ў 7 гадзін раніцы і за 3 гадзіны запоўнілі грыбамі ўвесь свой посуд — назбіралі 32,9 кілаграма дароў лесу. Каманда з Астроўшчыны прыйшла на ­ўзважанне грыбоў у прыгожых касцюмах.
Колькі грыбоў назбіралі каманды? Дырэктар Палатоўскай школы Ядвіга Баева змяшчала вынікі ціхага палявання каманд на спецыяльна прывезенай для гэтых мэт дошцы. Прадстаўнікі Полацкай дыстанцыі пуці назбіралі больш за 117 кілаграмаў грыбоў, каманда ААТ «Полоцк-Стекловолокно» — 85 кілаграмаў, СШ №18 — больш за 50 кілаграмаў, Абласная псіхіятрычная бальніца — больш за 76 кілаграмаў, каманда ААТ «Полацкі малочны камбінат» — каля 80 кілаграмаў... Чарга на ўзважанне бліжэй да паўдня ўсё павялічвалася. З кошыкаў і велічэзных кошаў выглядвалі шапкі баравікоў, падасінавікаў, маслят і жоўценькіх лісічак.

Галоўнае — удзел
Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч выказаў задавальненне атмасферай свята: «Мы рыхтаваліся да гэтага дня, і вось — грыбы выраслі, удзельнікі мерапрыем­ства сабралі іх і з карысцю адпачылі на прыродзе. Лепшых грыбнікоў вызначым толькі ў індывідуальным заліку, а каманды ўсе пастараліся і сталі пераможцамі! На нашым грыбным чэмпіянаце дзейнічае алімпійскі прынцып «Галоўнае — удзельнічаць!».

Будзем знаёмыя!
На галоўнай сцэне свята пачыналася тэатралізаваная шоу-праграма «Грыбны перапалох». Грыбнікоў віталі дарослыя і юныя артысты з Полацка і Полацкага раёна. Пазнаёміліся гледачы і з гаспадаром лесу — Полацкім Лесуном, ролю якога на «выдатна» выканаў дырэктар Мацюшэў­скага СДК Уладзімір Уладзіміраў. Полацкі Лясун распавёў правілы паводзін у лясных абшарах, расказаў пра грыбныя мясціны і шчыра запрашаў усіх часцей наведваць лес, бо паветра, якое напоўнена ігліцай, вельмі карыснае для здароўя.

І цікава, і весела
Цікаўныя грыбнікі прагуляліся па выставе «Прырода і фантазія», убачылі жывых чарапаху, ханорыка, марскую свінку і маленькага труса, прывезеных з Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, па­дзівіліся на прыгожыя кампазіцыі з прыроднага матэрыялу.
Актыўныя зборшчыкі грыбоў, якія любяць рух, удзельнічалі ў «Калейдаскопе перашкод» на турыстычнай пляцоўцы.
Усім было цікава, весела, раз'язджацца па дамах не хацелася. Усім да спадобы прышліся жарты артыстаў тэатра гумару і эстрадных мініяцюр «Полацкі жарт» раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці.

Прызы — лепшым
Арганізатары мерапрыемства шчыра дзякавалі ўсім палачанам і жыхарам Полацкага раёна, хто прыняў удзел у раённым свяце «Экафэст-2013».
Падчас падвядзення вынікаў грыбнога чэмпіянату ўсіх аматараў ціхага палявання ўзнагародзілі памятнымі прызамі і працяглымі апладысментамі. Спецыяльныя прызы пад назвай «Грыбны Оскар» уручылі Барысу Ганчарову з Полацкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа ў намінацыі «За грыб-асілак», за лепшую экіпіроўку грыбніка адзначылі Вікторыю Дзенісюк з Ляснога каледжа. Самыя вялікія грыбы знайшлі прадстаўнікі каманды Хуткай медыцынскай дапамогі і Фарынаўскай сярэдняй школы. Больш за ўсіх — 40 кілаграмаў — набрала грыбоў Таццяна Пасажэтнікава з каманды Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Полацкага раёна. Яна расказала, што збірала толькі баравікі і падбярозавікі, а калі б брала ўсе — назбірала б за 3 га­дзіны яшчэ больш! Кветкамі і апладысментамі віншавалі Андрэя Бельчыкава, які набраў больш за 26 кілаграмаў грыбоў, і Святлану Дзямідка з вынікам — больш за 22 кілаграмы. Усе пераможцы ва ўласным заліку працуюць у адным калектыве — на станцыі Хуткай медыцынскай дапамогі. Пераможцамі ў намінацыі «За якасць сабраных грыбоў» былі адзначаны палачане Міхаіл Цітоў і Аляксандр Гудкоў. Ім пашчасціла знайсці самыя прыгожыя і чысценькія дары лесу.
...У агульнай колькасці ўдзельнікі грыбнога свята сабралі больш за 3 тысячы кілаграмаў дароў лесу. Вось якія шчодрыя Маласітнянскія і Палатоўскія лясы! У час мерапрыемства праходзіў фотаконкурс «Грыбнымі сцежкамі». Зробленыя падчас яго фотаздымкі будуць добрым напамінам пра грыбное паляванне для ўсіх яго ўдзельнікаў.
Аліна БАЛЬШАКОВА «Полацки весник»
Фота Ігара ПАЛЫНСКАГА.