Справа майстрам ганарыцца

16.12.2013

Зямля для селяніна — пачатак усіх пачаткаў. І таму працаўнікі палёў ставяцца да сваёй карміцелькі з асаблівай павагай і любоўю: своечасова яе апрацоўваюць, старанна падсілкоўваюць. У мінулыя выхадныя на палі лягло снежнае пакрывала — надышоў час адпачынку, глеба будзе набірацца новых жыццёвых сіл перад прадстаячым вясеннім сезонам.


Механізатара Алега Казанкіна з ААТ «Блізніца», пераможцу раённага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў па выніках 2013 года, мы напаткалі за важнай справай: у мінулы чацвер ён яшчэ быў у полі, на сваім любімым працоўным месцы, уздымаў зябліва на аддаленых ад цэнтра гаспадаркі землях. Алег Віктаравіч расказаў, што восеньскае ворыва прынясе глебе вялікі плён: па-першае, раслінныя рэшткі за доўгія зімнія месяцы перагніюць і пераўтворацца ў арганічнае ўгнаенне, па-другое, будзе менш пустазелля, а самая галоўная перавага гэтай справы — скароцяцца тэрміны вясенняй сяўбы, а гэта значыць, у сельскагаспадарчых культур будзе больш шанцаў і часу вырасці і саспець пад цёплым летнім сонейкам...


Алег Казанкін ведае пра блізніцкія палеткі ўсё. Тут — яго радзіма, у дзяцінстве пасля школы бегаў на працу да бацькі і маці, якія таксама працуюць у ААТ «Блізніца». З маленства Алега цягнула ў поле, яму хацелася кіраваць трактарам і камбайнам. Калі вучыўся ў Вароніцкай школе — атрымаў правы на кіраванне трактарам. Адслужыў у арміі і адразу ўладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку. Мара здзейснілася.
З таго часу прайшло 10 год. Алег Віктаравіч увесну любуецца на зялёныя палеткі, улетку — радуецца залатому ўраджаю зерневых. Расказаў, што калі працуе ў полі, забываецца на ўсё ў свеце. Пра тое, што стане пераможцам па нарыхтоўцы кармоў у раёне — увогуле не думаў, працаваў, як заўсёды, стараўся. «Сёлета наша гаспадарка нарыхтавала 22 тысячы тон кармоў, з іх каля 17 тысяч — уклад Алега Казанкіна. Ён працаваў на нарыхтоўцы сіласу, сенажу. Алег — з кагорты лепшых працаўнікоў, з дынастыі працалюбівай сялянскай сям'і. Адказна працуюць у нашай гаспадарцы яго маці, бацька, сёстры», — расказаў галоўны аграном гаспадаркі Браніслаў Піліпёнак. Дырэктар ААТ «Блізніца» Вольга Баратынская ахарактарызавала Алега Казанкіна як прафесіянала, які ўпэўнена і вынікова працуе на любой сельскагаспадарчай тэхніцы — на камбайне, на «Амкадоры». Вольга Мікалаеўна адзначыла, што Алег Віктаравіч — вельмі адказны працаўнік, сапраўдны мужчына, які трымае слова і ніколі не падвядзе.
Дома пасля працы Алега сустракае жонка. Маладой сям'і кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла дом у аграгарадку Блізніца. Жывуць Казанкіны дружна, разам абмяркоўваюць будзённыя справы, планы на будучыню. Галава сям'і ўпэўнены ў адным: лепшага лёсу ці доўгага рубля ён шукаць нідзе не будзе. На яго думку, калі захочаш зарабіць грошай — і дома заробіш, толькі не ляніся. Перамога ў раённым спаборніцтве надала маладому механізатару ўпэўненасці ў сілах, у прафесіяналізме. Алег Казанкін мае намер і надалей шчыра працаваць на палях роднай гаспадаркі, высока несці ганаровае званне хлебароба.
Аліна БАЛЬШАКОВА "Полацкі веснік"
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.