З віншаваннямі ад душы

09.12.2013

Вельмі прыемны сюрпрыз у дзень 85-гадовага юбілею з дня нараджэння чакаў палачанку Валянціну Міхайлавну Лёўкіну. Да гэтай не па ўзросту рухавай жанчыны з самай раніцы нечакана прыйшлі госці – былыя калегі па працы, якія пажадалі шчыра яе павіншаваць і выказаць словы ўдзячнасці за шматлікія гады сумеснай працы, за веды, якімі яна з імі шчодра дзялілася.


Валянціна Міхайлаўна з хваляваннем вітала працалюбівую і адказную Тамару Гарбачэўскую, на сённяшні дзень – намесніка начальніка Полацкай раённай інспекцыі па насенневодству, каранціну і абароне раслін, на дапамогу якой у працы яна заўсёды магла разлічваць, і дапытлівага, сур'ёзнага Аляксандра Калтунова, які, да радасці юбіляркі, з агранома калгаса вырас у паспяховага кіраўніка філіяла "Гараны-агра" ААТ "Полацкі камбінат хлебапрадуктаў".
Валянціна Міхайлаўна прысвяціла сваё жыццё працы ў галіне сельскай гаспадаркі. Пасада ў яе была адказная – галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі Полацкага раёна, на сённяші дзень – гэта ўзровень намесніка старшыні райсельгасхарчу па раслінаводстве. У той час, калі яна працавала (пайшла на заслужаны адпачынак у 1987 годзе), такіх пасадаў намеснікаў яшчэ не было.
"Саша, я вельмі рада цябе бачыць", - на вачах юбіляркі заблішчэлі слёзы. І нечаканы яе госць Аляксандр Калтуноў таксама расчуліўся, уручыў юбілярцы падарунак, і выказваў ёй падзяку за ўсё, за ўсё...

Успаміны вярнулі юбілярку ў далёкія 70-80 гады мінулага стагоддзя. Валянціна Міхайлаўна зазначыла, што калектыў аграномаў Полацкага раёна ў той час быў вельмі моцны і дружны. "Было ў каго вучыцца, спецыялісты ў раёне былі пісьменныя, сапраўдныя", - пацвердзілі госці. Валянціна Міхайлаўна свядома выбрала прафесію агранома. Пасля заканчэння факультэта аграхіміі Горыцкай сельгасакадэміі аддалася любімай справе з прафесіянальным падыходама. "Мы любілі, калі вы прыязджалі да нас у гаспадарку. Заўсёды давалі слушныя парады, а калі і рабілі заўвагі, то тактоўна, добразычліва, узнікала жаданне працаваць яшчэ лепш", - словы Аляксандра Калтунова гучалі праўдзіва. Юбілярка з цеплынёй у душы ўспамінала таленавітых аграномаў, з якімі пашчасціла працаваць, – Віктара Нядоўбу, Фёдара Завадскага, Тамару Макараву, Уладзіміра Батуру. Гэтыя яе "вучні" і сёння плённа працуюць на зямлі, укараняюць сучасныя тэхналогіі, атрымліваюць высокія ўраджаі. Валянціна Міхайлаўна расказала, што вучыла іх не толькі працаваць на зямлі. Яна клапацілася пра іх усебаковае развіццё як асобы. Напрыклад, вазіла аграномаў на экскурсіі ў Брэст, Горкі, Ленінград, Рыгу.

На пытанне, якая з гаспадарак Полаччыны ў гады яе працы была ў лідарах па ўраджайнасці зерневых культур, Валянціна Міхайлаўна адказала: "Напэўна, "Радзіма" (сёння – сельгаспрадпрыемства "Астроўшчына").
Юбілярка з гасцямі ўзгадвалі гады сумеснай працы, успаміналі цікавыя гісторыі, жартавалі... Жыццё было хуткаплынным. Адказную працу жанчына ўмела сумяшчала з сямейным жыццём, выхавала дваіх дастойных сыноў.
Хвіліны зносін з былымі калегамі сталі дарагім падарункам для Валянціны Міхайлаўны. "Саша, ёсць у мяне мара: праехаць на машыне па Полацкім раёне, паглядзець на палеткі", - звярнулася ўмудроная вопытам жанчына да свайго госця. І той выказаў гатоўнасць гэтую мару здзейсніць.
У свае 85 гадоў Валянціна Лёўкіна жыве актыўна. Яе аддушына – дача ў Кароўніках, на якую яна ходзіць з цэнтра Полацка пешшу. На градках – парадак, агародніна радуе ўраджаем. Суседзі-дачнікі часта звяртаюцца да яе за парадай, і вопытны аграном з задавальненнем расказвае ім пра сакрэты раслінаводства. Некаторых нават вучыць гарод перакопваць. "Мала ўзяць рыдлёўку ў рукі – трэба ўмець капаць", - упэўнена юбілярка. А наконт сакрэта маладосці (выглядае яна на свой узрост выдатна) з усмешкай адказала: "Шмат рухаюся, таму, напэўна, і маладая!".

Аліна БАЛЬШАКОВА "Полацкі веснік"
Фото Андрея МАРЦИНКЕВИЧА