Зюзя Паазерскі пакінуў сваю сядзібу ля Пастаў

26.11.2013

Сёлета ўпершыню за 8 гадоў з часу стварэння вобраза зімовага чараўніка ён не будзе сустракаць гасцей (а іх за гэты час было больш за 40 тысяч) у сваёй сядзібе ля Паставаў.

Чаму так здарылася? Стваральнік брэнда Зюзі Паазерскага, які перамагаў на многіх рэспубліканскіх і абласных конкурсах, дырэктар Пастаўскага цэнтра турыстычных паслуг Ягор Шушкевіч паведаміў журналісту «ВВ», што любы творчы праект час ад часу патрабуе «тайм-аўтаў». Вось і самы крэатыўны беларускі міфалагічны персанаж (а ён быў створаны як бы ў супрацьвагу інтэрнацыянальнаму Дзеду Марозу) па шэрагу аб'ектыўных прычын сёлета, пакінуўшы сваё жытло, стане своеасаблівым «гастралёрам». У сярэдзіне снежня яго чакаюць у Белавежскай пушчы, магчымы выезд у Прыбалтыку на фестываль Дзедаў Марозаў. Не выключаны варыянт, што басаногі дзядулька прыедзе і ў Віцебск да мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія раней часта яго наведвалі.

А пра далейшы лёс і прытулак казачнага героя пакуль складана сказаць што-небудзь больш канкрэтнае. Магчыма, гэта будзе ўжо не Пастаўшчына, а, напрыклад, Лепельшчына, Ушаччына ці Полаччына. А галоўнае, каб гэты ўдалы праект працягваў існаваць і добры бог холаду і марозу не пакінуў наш край і па-ранейшаму радаваў дзятву і дарослых. Ды і зачакаліся ўжо зімы, якую, згодна з народным фальклорам, і прыводзіць Зюзя!

Алесь Быньков "Витебские вести"