Перад пачаткам свята ўсе запрошаныя госці любаваліся выставай творчых работ майстроў Полацкага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, якая была наладжана на пляцоўцы ля Дома культуры. Палац таксама выглядаў па-святочнаму: яго ўпрыгожылі рознакаляровымі шарамі, якія ківалі галоўкамі, вітаючы гасцей.
На святочнае раённае мерапрыемства ў Полацк з'ехаліся лепшыя прадстаўнікі хлебаробчай прафесіі — перадавікі з усіх гаспадарак Полацкага раёна, для якіх праца на зямлі стала справай жыцця, прызваннем. Яны прайшлі па лесвіцы, якая ў святочны дзень стала «Каласковай алеяй», паслухалі прыемныя пажаданні і віншаванні ад дзяцей, якія прыйшлі на свята ў прыгожых нацыянальных строях. Госці прагуляліся па выставе-дэгустацыі, якую падрыхтавалі работнікі філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнер-га», ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», КУСГП «Палата», ААТ «Полацкі малочны камбінат». Тут жа, у фае, госці падзівіліся на дзіцячыя таленты: гучна, весела выступаў узорны фальклорны ансамбль «Лецейка» Гомельскай дзіцячай школы мастацтваў.
Вынікі — добрыя
Шчыра, сардэчна ад імя Полацкага раённага выканаўчага камітэта віноўнікаў урачыстасці вітаў намеснік старшыні, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Полацкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Баратынскі. Ён адзначаў, што сучасная сельская гаспадарка, як і ў мінулыя часы, патрабуе моцных сялянскіх рук, самаадданай працы з захаваннем слаўных народных традыцый. Сённяшнім працаўнікам сельскагаспадарчай галіны ўласцівыя сіла духа, прафесіянальнае майстэрства, працоўная загартоўка. Вопытныя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў арганізоўваюць працу так, што полацкая ніва дае найлепшы ўраджай. Найбольшы валавы збор зерня забяспечылі філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», ААТ «Кушлікі», ААТ «Полацкі аграсервіс». Добрых вынікаў на нарыхтоўцы кармоў дасягнулі працаўнікі ПУП «П-С Карпекі». Вытворчасць бульбы склала 6420 тон пры ўраджайнасці 321 цэнтнер, што значна перавышае сярэднеабласны паказчык. Рэалізацыя жывёлы і птушкі ў жывой вазе склала 5607 тон, малака — больш за 35 тысяч тон. Сярэдні ўдой на карову па раёне склаў 4021 кілаграм малака. Найлепшых вынікаў у галіне жывёлагадоўлі дасягнулі філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», ААТ «Новыя Гараны» і ААТ «Блізніца».
Пад апладысменты
Громкімі апладысментамі зала вітала кіраўнікоў лепшых гаспадарак, камбайнераў, паляводаў, жывёлаводаў, спецыялістаў перапрацоўчай галіны, якім уручаліся шматлікія ўзнагароды за шчырую працу. Ганаровыя граматы і Падзякі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, Граматы Полацкага райвыканкама, Віцебскага абкама і Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Полацкага аграрнага саюза, шматлікія Падзякі — сталі яскравым сведчаннем таго, што працаўнікі Полаччыны працуюць добрасумленна, з поўнай аддачай сіл...
Сёлетнія сельскія працаўнікі — гэта сапраўдныя Гаспадары зямлі, прафесіяналы, якія ўмела кіруюць магутнай сельскагаспадарчай тэхнікай, з веданнем справы працуюць на сучасных жывёлагадоўчых комплексах, у даільных залах знаходзяць агульную мову з робатамі. Новыя тэхналогіі хуткімі тэмпамі ўкараняюцца ў сельскую гаспадарку, але гэта не пужае сяльчан. Наадварот, яны з цікавасцю ставяцца да ўсяго новага і стойка вытрымліваюць цяжкасці.
На свяце падкрэслівалася, што праца людзей, асвечаная Божым словам і добрымі думкамі, дае надзею на шчодры ўраджай. Духоўныя настаўленні свяшчэннаслужыцеляў дапамагаюць умацоўваць дух працаўнікоў вёскі. За вялікі ўклад ва ўмацаванне духоўна-маральных асноў сям'і, адраджэнне і прапаганду сямейных каштоўнасцей і традыцый Ганаровай граматай Полацкага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны настаяцель прыхода царквы Пакрава Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Уладзімір Рацьковіч.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама Аксана Грыб уручыла каштоўныя падарункі працоўнай моладзі: 13 лепшым механізатарам, 7 лепшым аператарам машыннага даення і адкорму буйной рагатай жывёлы, 9 лепшым галоўным спецыялістам, 6 лепшым працаўнікам уборачнай кампаніі-2013. Атрымліваць падарункі выходзілі прыгожыя, моцныя духам юнакі і дзяўчаты, якая нараўне са сталымі калегамі працуюць дзеля працвітання полацкай зямлі.
Шчырыя словы падзякі за адданасць прафесіі былі адрасаваны паважаным ветэранам, якія заклалі падмурак сельскагаспадарчай галіны Полаччыны. У гонар падзякі і пашаны ім уручылі кветкі.
Акцыя спадабалася
Не абышлося на свяце без сюрпрызаў. Сваю падзяку сяльчанам прадпрыемствы і арганізацыі Полацка ўвасобілі ў падарункавых сертыфікатах. Шэраг дзяржаўных і камерцыйных прадпрыемстваў стаў удзельнікам акцыі «З падзякай да вас, працаўнікі вёскі!», якая напярэдадні галоўнага свята ўраджаю прайшла на Полаччыне ўпершыню. Гараджане падрыхтавалі прыемныя дапаўненні да віншаванняў для многіх працаўнікоў Полаччыны — запрашэнні на наведанне рэстарана, кафэ, цырульні, канцэртаў у Сафійскім саборы і музеяў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, нават станцыю тэхабслугоўвання прапанавалі наведаць за кошт уладальніка. Многім сяльчанам падарылі бытавую тэхніку, сертыфікаты на набыццё падарункаў у магазінах...
Дзякуй партнёрам
Дзякуючы падтрымцы прадпрыемстваў і арганізацый Полацка і Полацкага раёна, навучальных устаноў сяльчане на працягу сельскагаспадарчага года знаходзілі выйсце з любых сітуацый. І на свяце сельскія працаўнікі сардэчна дзякавалі сваім памочнікам. А партнёры, у сваю чаргу, віншавалі сяльчан з галоўным іх святам.
Новая традыцыя
Усе прысутныя ў зале падняліся. Дружным хорам чыталі «Клятву працаўнікоў вёскі». Услед за Мікалаем Баратынскім маладыя і вопытныя перадавікі паўтаралі: «Зямля мая! Сваёй любоўю і адданасцю, клопатам і працай абяцаем прымнажаць багацце тваё, прыносіць карысць людзям і роднай Полаччыне!». Словы клятвы гучалі ўзнёсла. Была выказана прапанова зрабіць чытанне клятвы на выніковым сельскагаспадарчым свяце года добрай традыцыяй.
Канцэрт — як букет
Канцэрт, якім працягвалася свята, стаў нібы вялікім святочным букетам з рознакаляровых красак. Таленавітыя артысты творчых калектываў Полацкага раённага дома культуры «Тандем», «Заманіха», «Креатив», «X-day», Полацкай дзіцячай школы мастацтваў, Палаца культуры ААТ «Полоцк-Стекловолокно», Полацкага ГПК шчыра дарылі сваё майстэрства людзям, чые рукі пахнуць хлебам...
Аліна БАЛЬШАКОВА "Полацкі веснік"
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.