Полацкая ластаўка праспявала ў Турцыі

28.10.2013

...І — атрымала Гран-пры! Наша «ластаўка» — гэта Таіса Мацулевіч, дзевяцікласніца ПДГ №1 імя Францыска Скарыны, юная спявачка, пераможца разнастайных конкурсаў сярод вакалістаў. Пра яе чытачам «ПВ» мы распавялі ў верасні і пажадалі дзяўчыне новых поспехаў. І палачанка нашы надзеі зноў спраўдзіла.


Стартавай пляцоўкай для чарговай перамогі Таісы было яе выдатнае выступленне ў Санкт-Пецярбурзе, пасля якога яна атрымала запрашэнне на VII Міжнародны телевізійны фестываль «TV START». Мерапрыемства адбывалася ў Кемеры з 1 па 8 кастрычніка. Прагляд конкурсных нумароў (Тая прывезла на фестываль дзве песні), вечарына знаёмстваў, творчыя кансультацыі і сустрэ­чы, тэле- і фотаздымкі... І — урэшце рэшт — гала-канцэрт, на якім полацкая гімназістка праспявала песню «Ластаўка».

Конечне, хвалявалася. Выступаць ва ўмовах амфітэатру ёй дагэтуль не даводзілася. Канечне, спадзявалася. І — радавалася. А ўжо эмоцыі яе маці Юліі Міхайлаўны, якая напрацягу ўсяго напружанага і яскравага фестывальнага тыдня была побач з дачушкай, і не перадаць. Бацькі зразумеюць... Журы высока ацаніла вакал і артыстызм полацкай дзяўчынкі. І яе «Візітка», у якой гучалі самыя цёплыя і шчырыя словы пра родную Полаччыну і Беларусь, кранула не адно сэрца. Беларусы, што падчас фестывалю адпачывалі ў гатэлі, на тэрыторыі якога адбывалася дзеянне, прыхо­дзілі падтрымаць зямлячку, і рабілі гэта з такім запалам!
На цырымоніі ўзнагароджвання Таісе Мацулевіч, уладальніцы Гран-пры, быў уручаны Дыплом фестывалю і яшчэ дзве ўзнагароды: спецыяльныя прызы Міжнародных фестываляў «SHINING STAR» і «Рига Симфония». Такім чынам, палачанка прыме ­ўдзел у абодвух — напачатку снежня яе чакаюць у Рызе, а ў лютым — у Стамбуле. Будзем ізноў «хварэць» за нашу ластаўку Таю.
...Падтрымка таленавітых дзяцей, якія ўжо даказалі, што маюць шанц паспяхова канкурыраваць з равеснікамі з розных краін, з'яўляецца справай удзячнай і перспектыўнай. Гэта разумеюць не толькі арганізатары фестываляў, але таксама іх аднадумцы з боку ўлады, адукацыі, людзей творчых і проста нераўнадушных. Шчырую ўдзячнасць бацькі Таісы адрасуюць усім, хто на справе падтрымлівае іх дачку ў памкненнях абараняць гонар Полаччыны на міжнародным узроўні. «Гэта намеснік старшыні райвыканкама Пётр Мяфодзьевіч Пяткевіч, ігумення Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра Еўдакія, кіраўніцтва і педагагічны калектыў гімназіі, — тлумачыць Юлія Міхайлаўна Мацулевіч. — Канечне, педагогі па вакале і фортэпіяна Вераніка Анатольеўна Скапьюк і Наталля Уладзіміраўна Шаўчэнка. А яшчэ — творчы калектыў Цэнтра дзяцей і моладзі, педагог з Мінска Алена Віктараўна Атрашкевіч, наваполацкае ТАА «Конвент» на чале з дырэктарам Аляксандрам Аляксандравічам Лук'яненка, майстар полацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа Галіна Іванаўна Бараноўская. Дапамога кожнага для нас была такой патрэбнай і важнай!».
Мабыць, адчуванне такой еднасці і прывяло нашу полацкую дзяўчынку да перамогі?
Аксана ШУЙСКАЯ "Полацкі веснік"
На фота: Таіса з маці на фестывалі ў Кемеры.