ТЫСЯЧНЫ ПОСПЕХ
Вадзіцель ДП «Астроўшчына» Аляксандр Шамёнак працуе ў гаспадарцы ўсе сваё свядомае жыццё. Ён — з мясцовых жыхароў, прыехаў у гэтыя мясціны ў маленстве, больш за 40 гадоў таму.
Да працы прывык ставіцца адказна. Таму і не дзіва, што сёлета апярэдзіў сваіх дваіх калег, якія працуюць на перавозцы хлебнага ўраджаю, і стаў першым у Астроўшчыне вадзіцелем-тысячнікам. У 10-тонным кузаве яго «МАЗа-551605» былі авёс, пшаніца, гарох, ячмень, жыта. Давялося зрабіць 100 рэйсаў ад поля да сушылкі, пакуль дасягнуў 100-тысячнага поспеху. Адвозіў збожжа ад усіх камбайнаў, што працуюць у полі.
Працай на жніве Аляксандр Пятровіч задаволены. Машына, дзякуй Богу, бегае хутка, ураджай вырас неблагі, надвор'е спрыяе працы. Добры заробак стымулюе ўставаць рана і спяшацца ў поле, імпануе і зацікаўленасць у хуткім і якасным завяршэнні жніўнай пары ўсіх, хто з ранку да позняга вечара ўбірае хлебны ўраджай. Кіраўніцтва гаспадаркі забяспечвае хлебаробаў абедамі. «Кормяць вельмі добра, як для мяне — дык порцыі вялікія!» — расказаў лідар жніва.
У пятніцу вечарам яго віншавалі дырэктар гаспадаркі Аляксандр Ярахновіч, галоўны аграном Таццяна Мінакова і старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі. Шчырыя словы падзякі за безадмоўнасць і адказнасць узнялі Аляксандру Пятровічу настрой. Парадавалі і падарункі ў выглядзе каляровых наклеек на кабіну аўтамабіля, кепкі і майкі з прафсаюзнай сімволікай. Нялішняй для вадзіцеля-тысячніка будзе і ўручаная грашовая прэмія. Зусім хутка — 18 жніўня — у яго любімай дачушкі Насці будзе дзень нараджэння. Дзяўчынцы споўніцца 8 год, бацька плануе ў гэты дзень парадаваць яе падарункамі.
У КУЗАВЕ ТЫСЯЧА!
Сёлетні тысячны поспех на перавозцы збожжа — не першы ў працоўнай біяграфіі вадзіцеля Васіля Рагоўскага з філіяла «ГараныАгра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў».
Васіль Анатольевіч — працаўнік вопытны, у мінулыя гады таксама атрымліваў прафсаюзныя падарункі і прэміі ад кіраўніцтва гаспадаркі. Усе Падзячныя лісты і Граматы ён акуратна збірае ў асобную папку з думкамі: «Каб дзеці ганарыліся!». Іх у сям'і Рагоўскіх двое — 10-гадовы Іван і 3-гадовая Васіліса. У дачушкі зусім нядаўна — 30 ліпеня — быў дзень нараджэння, і яе маці Аксана выйшла на працу з дэкрэтнага водпуску. Яна, як і Васіль, шчыруе ў філіяле «Гараны-Агра», на пасадзе агранома.
— Сёлета камбайны працуюць вельмі хутка, ледзь паспяваем адвазіць ад іх збожжа, — расказаў пра высокі тэмп уборачнай лідар жніва. Ён вазіў пшаніцу, зернебабовую сумесь, авёс і жыта спачатку ад чатырох камбайнаў, потым ад аднаго. Працаваць даводзілася з ранку да вечара, але і ён, і сям'я прывыклі да таго, што жнівеньскія дзянькі — штогод гарачыя. У прамым сэнсе — з-за надвор'я, у пераносным — з-за напружанай працы.
Васіль Рагоўскі любіць сваю прафесію. У іх філіяле для працаўнікоў штогод створаны спрыяльныя ўмовы для працы, не толькі ў час жніва. Удзельнікаў палявых работ двойчы забяспечваюць гарачым харчаваннем: абеды і вячэры — пальчыкі абліжаш! Радуе, што працоўныя поспехі не застаюцца незаўважанымі, дырэктар гаспадаркі і спецыялісты ўсё прыкмячаюць і адзначаюць прэміямі і добрым словам.
З нагоды тысячнага поспеху Васіля Рагоўскага (ён — другі перавозчык-тысячнік у філіяле і пяты ў Полацкім раёне) віншавалі старшыня Полацкага раённага аб'яднання прафсаюзаў Вольга Захарэнка, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі і старшыня прафкама філіяла Галіна Кароўчанка. Яны шчыра дзякавалі перадавіку за адданую працу, за разуменне значнасці ўборачнай кампаніі і зычылі яму далейшых працоўных поспехаў.
Аліна БАЛЬШАКОВА
(тэкст і фота).