На мове гістарычных мрояў

15.10.2013

Можна бясконца разважаць пра бязлітасны час, які пакідае пустэчу на месцы гістарычнай памяці. Можна скардзіцца на немагчымасць засяродзіць увагу прагматычных прадстаўнікоў новых пакаленняў на спрадвечных каштоўнасцях. Можна жыць у палоне настальгіі, з нязменным сумам узгадваючы пра страчанае незваротна. А можна аднойчы рашуча ўстаць з любімай канапы і зрабіць крок да сваіх вытокаў... І потым ісці па дарогах імклівага XXI стагоддзя, адчуваючы сэрцам благаславенне продкаў, сілкуючыся з невычэрпнай крыніцы іх мудрасці, разумеючы іх запаветы.

Нехта лічыць іх дзівакамі, нехта ніяк не можа зразумець, чаму ў час высокіх тэхналогій і неаб­межаваных магчымасцяў гэтыя людзі праводзяць месяцы ў майстэрнях, вырабляючы зброю і прылады даўно мінуўшых часоў, апранаюць старадаўнія строі і жывуць, падпарадкоўваючыся законам сярэднявечча. Але, бліжэй пазнаёміўшыся з удзельнікамі народнага тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз» Полацкага гарадскога палаца культуры, пачынаеш разумець: гэта не гульня, не кароткачасовае захапленне. Гэта — жыццё. Яскравае, годнае, шчырае, прасякнутае гонарам за славутую гісторыю Радзімы і імкненнем данесці да сучаснікаў праўду пра тое, як жылі, кахалі, змагаліся за незалежнасць стагоддзі таму нашы землякі-палачане.
...Спачатку ў суседнім Наваполацку з'явіўся клуб «Жалезны воўк», якім кіраваў апантаны гісторыяй Беларусі Юрый Усціновіч. Яго ўдзельнікі займаліся рэканструкцыяй зброі і гістарычнага касцюма. Але аднойчы, калі ў арсенале ўжо было дастаткова і таго, і іншага, узнікла ідэя паставіць спектакль. Разам са студэнцкім тэатрам «Крэда» быў напісаны сцэнарый і пастаўлены спектакль «Гедымін», у якім драматургія спалучылася з пастановачнымі баямі і сцэнічным фехтаваннем. Пазней былі здымкі ў эпізодах у некалькіх дакументальных стужках, і гэта ўжо было прызнаннем — іх фармат прадугледжваў безумоўную гістарычную адпаведнасць — і вопраткі, і зброі. Усё гэта стала падмуркам своеасаблівага сінтэзу рэканструкцыі і тэатра, які і склаў аснову сучаснага «Полацкага зьвяза». Галоўнай мэтай і ідэяй стварэння тэатра стала папулярызацыя гісторыі і сваёй Бацькаўшчыны, абуджэнне гонару ў душах беларусаў за сваіх продкаў, за сваю краіну.
У лістападзе 2002 года калектыву прысвоілі званне народнага.

Рэканструктары на чале з Юрыем Усціновічам знайшлі паразуменне з тэатраламі — Дзмітрыем Салоцкім і Ігарам Папко. Гістарычныя строі быццам ажылі, напоўніўшыся эмоцыямі майстроў сцэны. Менавіта тады былы клуб, і па сутнасці, і па накірунку дзейнасці, стаў тэатрам гістарычнага касцюма.
Выкладчыкі, студэнты, настаўнікі, працаўнікі прадпрыемстваў... Людзей, розных па ўзросце і сацыяльным статусе аб'яднала любоў да гісторыі Бацькаў­шчыны. Яны сродкамі тэатральнага дзейст­ва імкнуцца расказаць усяму свету пра былую веліч першай беларускай сталіцы, пра годнасць і самадданасць, пра самаахвярнасць воінаў, пяшчотнасць і вернасць жанчын, якія стагоддзі таму жылі на берагах прыгажуні Дзвіны.
Полацк спрадвеку стаяў на скрыжаванні дарог і падзей, шалёныя вятры гісторыі бязлітасна знішчалі яго, але, дзякуючы залатым рукам палачан, ён, нібыта птушка Фенікс адраджаўся з попелу... Удзельнікі «Полацкага зьвяза» расказваюць пра гэта без слоў — на яскравай мове жэстаў і эмоцый. І кожны, каму хоць аднойчы даводзілася пабываць на іх спектаклі, аднагалосна прызнаюць: гэта было незабыўна.
Сёння яны ўпэўнены: можна зруйна­ваць будынкі, можна разбурыць шляхі... Гэта не так страшна, як гістарычнае бяспамяцце. Страціўшы сувязь са сваімі каранямі, чалавек губляе сябе. Хто мы, адкуль мы, куды ідзем? Яны імкнуцца гэта расказаць кожнаму, каму неабыякавая гісторыя роднай краіны. «Мы хочам у сваіх спектаклях паказаць людзей, атмасферу, узаемаадносіны, якія былі ў часы Вялікага княства Літоўскага, пра тое, чым жылі, як мыслілі, чаму аддавалі перавагу нашы продкі», — так гавораць удзельнікі тэатра пра сваю творчасць. Аб тым, што гэта атрымліваецца, сведчыць прызнанне гледачоў, і не толькі ў Полацку, але і за межамі Беларусі, дзе пабываў са спектаклямі «Полацкі зьвяз».

Тэатр гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз» сёння — больш за дваццаць удзельнікаў, але калі падлічыць усіх яго «выпускнікоў» за гады існавання і тых, хто пакуль што проста з цікавасцю назірае за адраджэннем гістарычнай памяці, гэтая лічба павялічыцца ў разы. Ці ж гэта не вынік самаадданай працы па адраджэнні гістарычная свядомасці? Выдатны вынік!
Яны — згуртаванне аднадумцаў, сяброў, творчых асоб, у якім больш за ўсё цэняць шчырасць, працалюбства, гатоўнасць ахвяраваць часам, асабістымі справамі. Тут кожны — лідар, і кожны — выканаўца, гатовы зрабіць усё дзеля дасягнення агульнай мэты. У іх агульныя радасці і адзін на ўсіх смутак. Так, калі пайшоў з жыцця светлы чалавек Дзмітрый Салоцкі, які быў цэнтрам прыцягнення для ўдзельнікаў тэатра, яны аднагалосна вырашылі свой апошні спектакль «Страчаны шлях» зрабіць своеасаблівым рэквіемам яго памяці, развітальным словам пра сябра. Атрымалася шчыра і вельмі кранальна. Таму, што ўсё рабілі ад душы.
А ўвогуле ў рэпертуары «Полацкага зьвяза» шэсць спектакляў, створаных за дванаццаць год творчай працы. Трэба дадаць: на сцэне. Імкнучыся арганічна ўпісвацца ў кантэкст часу, удзельнікі тэатра займаюцца распрацоўкай гістарычнай анімацыі, расказваючы на мове пластыкі і жэстаў гасцям горада пра яго славутую гісторыю. Па шматлікіх водгуках, у іх гэта атрымліваецца выдатна. Новы праект ажыццяўляецца разам з партнёрам — конным клубам. Згадзіцеся, вершнікі больш пераканаўча здольныя перадаць атмасферу сярэднявечча.
Дарэчы, адзін з папулярных у Беларусі і за межамі краіны полацкіх брэндаў — фестываль сярэднявечнай культуры «Рубон» — нарадзіўся таксама дзякуючы ініцыятыве «Полацкага зьвяза». Свае анімацыі тэатр і зараз праводзіць на месцы пабудаванай да чарговага фестывалю драўлянай крэпасці ў парку ля Кургана Бессмяротнасці. На жаль, вандалы яе бязлітасна разбураюць, і, у чарговы раз узяўшы ў рукі замест гістарычнай зброі інструмент, артысты, перш чым апрануць унікальныя касцюмы, ператвараюцца ў будаўнікоў.

У больш аддаленай перспектыве тэатр гістарычнага касцюма плануе наладзіць так званае касцюміраванае суправа­джэнне экскурсій. Зноў жа, з мэтай прыцягнення турыстаў і прапаганды славутай гістарычнай спадчыны Полацка. Трэба адзначыць, гэты трэнд шырока распаўсюджаны ў краінах Еўропы. І гэта не выпадкова — пакаленне next аддае перавагу спасціжэнню гісторыі праз відовішчы.
У планах таксама — фаер-шоў, вельмі відовішчныя і прыгожыя спектаклі. Паказаць іх палачанам мяркуюць у маі, а «генеральная рэпетыцыя» ўжо праходзіла ў Польшчы, дзе выступленне тэатра прайшло з вялікім поспехам.
Храбрыя абаронцы-ваяры і вытанчаныя, далікатныя дамы... Так было ў даўнія часы, так павінна быць заўсёды. Удзельнікі «Полацкага зьвяза», працягваючы гістарычныя традыцыі, жывуць па законах тых часоў, калі рыцары былі гатовыя аддаць жыццё дзеля таго, каб абараніць даму сэрца, ці ўвогуле жанчыну. Яны верныя гэтаму прынцыпу не толькі на сцэне, але і ў паўсядзённым жыцці, і гэта выклікае захапленне і павагу.
...Быць культурным чалавекам немагчыма без ведання гісторыі. Удзельнікі тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз» самааддана працуюць на культурнай прасторы, адраджаючы гістарычныя традыцыі і, без перабольшвання, аднаўляючы гістарычную памяць. Нехта, магчыма, лічыць іх дзівакамі... Але толькі людзі, бясконца адданыя сваёй справе, здольныя без слоў, на мове жэстаў і эмоцый, расказаць пра мінулае, без якога ніколі не бывае будучага.
Алена КАЛЕНІК "Полацкі веснік"
Фота Андрэя Марцынкевіча
і з архіва «Полацкага зьвяза».