Дабрыня і прыгажосць толькі разам выратуюць свет

09.10.2013

Гэтую думку выказала дырэктар Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Валянціна Крук, калі вітала мінскага майстра Маргарыту Котаву на адкрыцці яе выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І гэта, сапраўды, так: толькі прыгажосць, заснаваная на дабрыні, здольная трапіць да нас у сэрца...


Урачыстае адкрыццё выставы пад назвай «Жыць з дабрынёй у душы» стала адным са шматлікіх мерапрыемстваў Дня адчыненых дзвярэй, які прахо­дзіў у ЦРНК на мінулым тыдні. У гэты дзень наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з дзейнасцю майстэрняў і майстроў, далучыцца да таго ці іншага віду творчасці, наведаць выставу-экспазіцыю Нінелі Шчаснай і выставу «З крыніц народных». І вось, яшчэ адна выстава!
Выкананыя ў тэхніцы лапікавага шыцця, арыгінальныя, гарманічныя і змястоўныя работы Маргарыты Котавай — нібыта акенца ва ўнутраны свет аўтаркі. Іх хочацца разглядаць і разглядаць, нястомна здзіўляцца новым вобразам, якія майстар знаходзіць у сваёй душы і з дапамогай тканіны і нітак, фантазіі і ўмелых рук паказвае і нам, гледачам. Тэкстыльны жывапіс — так характарызуюць мастацтвазнаўцы работы Маргарыты Котавай. Аплікацыя з тканіны — так проста кажа пра іх сама май­стар. Прыгажосць! — упэўнены кожны, хто меў магчымасць наведаць яе выставу.
— Адкрыццё выставы ў Полацку — для мяне вялікая падзея, — кажа Маргарыта Іванаўна. — І дэманстрацыя работ полацкім калегам па лапікавым шыцці — вельмі адказная справа.
Падтрымаць маці на адкрыццё выставы прыехала дачка Маргарыты Іванаўны Наталля, якая не хавала сваёй радасці за роднага чалавека, гонару за яе талент.
Маргарыта Іванаўна — родам з Заслаўля. Філолаг па адукацыі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і чалавек узнёслай душы. Лапікавым шыццём пачала займацца параўнальна нядаўна — з 2001 года. У 2004-м — адбылася яе першая персанальная выстава. А ў 2010 годзе яна ўжо дыпламант
img 0276I Міжнароднага фестывалю «Здраўнёўская палітра» ў музеі-сядзібе Іллі Рэпіна. Творы Маргарыты Котавай знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Францыі, ЗША, Славакіі. Майстра натхняе прырода — птушкі, кветкі, жывёльны свет, а таксама — дамы. Кожная з работ — ці то «Чорная дама Нясвіжа», ці «Сакавіцкія каты» — непаўторная і цікавая. На адной з работ — якая, дарэчы, прысвячалася мінуламу юбілею Полацка, — гледачы ўбачылі сустрэчу двух знакамітых беларускіх жанчын — Еўфрасінні Полацкай і Рагнеды. «Так, яны не супадаюць па гістарычным часе, — адзначыла аўтар, — але ў мастака ўсё супадае. І гэтыя складаныя жыццёвыя лёсы, і гэтая духоўнасць, якую пакінулі Еўфрасіння і Рагнеда нам у спадчыну, яны асвятляюць наш шлях і сёння.» А яшчэ ў работах Маргарыты Котавай шмат анёлаў. Адна з яе выстаў так і называлася — «Анёлы ў горадзе».
Гасцям, што прыйшлі ў ЦРНК на адкрыццё новага выставачнага сезона і выставы «Жыць з дабрынёй у душы», пра асобу і творчы шлях Маргарыты Котавай распавяла навуковы супрацоўнік ЦРНК Любоў Баранава. Музычную ноту ў мерапрыемства ўнесла выступленне вучня Полацкай школы мастацтваў Данііла Асіпёнка, лаурэата абласнога і рэспубліканскага конкурсаў імя Жыновіча (клас педагога Васіля Тачылы).
...Цікавы той факт, што да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва яна звярнулася ўжо ў сталым узросце. І трэба прызнаць, такая спроба перадаць свой светапогляд атрымалася ў яе проста цудоўна! Такое ўражанне нязменна складаецца, мабыць, і таму, што Маргарыта Іванаўна заўсёды працуе для гледачоў.
— Менавіта гледачы — мае крылы натхнення, — прызналася майстар.
Маргарыту Котаву віталі на полацкай зямлі і падзякавалі за прадстаўленую палачанам магчымасць бліжэй пазнаёміцца з яе творчасцю кіраўнік клуба лапікавага шыцця «Рош­ва» Ніна Ярмух, дырэктар ЦРНК Валянціна Крук.
— Ваша творчасць спалучае ў сабе і дабрыню, і прыгажосць, і талент, — звярнулася Валянціна Іосіфаўна да шаноўнай госці. — І дзякуй Вам за тое, што сваім прыкладам Вы сцвярджаеце, што не трэба баяцца ўзросту, які прынята называць залатым, бо гэта ўзрост росквіту, фантзіі і вольнага часу, які можна прысвяціць любімай справе.
...На працягу месяца выстава «Жыць з дабрынёй у душы» будзе экспанавацца ў Цэнтры рамёстаў і нацыянальных культур, а потым яна адправіцца ў Парыж. Спяшайцеся пабачыць цудоўныя работы таленавітага майстра Маргарыты Котавай.
Аксана ШУЙСКАЯ (тэкст і фота) "Полацкі веснік"