Кірмашовая субота

03.10.2013

У мінулую суботу ў цэнтры Полацка, на плошчы Францыска Скарыны, раскінуліся гандлёвыя рады першага восеньскага кірмашу.

З самай раніцы полацкія гандляры і тыя, што прыехалі з суседніх раёнаў, клапаціліся, каб паказаць свой тавар як мага лепш, прыцягнуць увагу пакупнікоў яго якасцю, а таксама — прыгожымі кампазіцыямі, аздабленнем месцаў і нават жывой музыкай.

 

Бульба і морква, цыбуля і пятрушка, перцы і капуста, яблыкі і журавіны — у палачан была цудоўная магчымасць набыць восеньскі ўраджай па сходнай цане. І запаслівыя гаспадары не гублялі часу. Тут і там узвышаліся мяхі з набытай бульбай. Хтосьці прыйшоў на кірмаш выключна за кушлікоўскай, якая славіцца сваімі спажывецкімі якасцямі, хтосьці аддаў перавагу сорту «Крыніца» з Пастаўшчыны, хтосьці свой выбар спыніў на сорце «Рагнеда», што прапаноўвала Полацкае райпо. Дарэчы, бульба, зерне, мёд, а таксама саджанцы былі, напэўна, найбольш хадавымі і багата прадстаўленымі з усіх тавараў. Але «купцы» знаходзіліся на кожны з іх — на тое і кірмаш!

Сельгаспрадпрыемствы, акрамя бульбы ды гародніны, прывезлі авёс ды ячмень, пшаніцу ды жыта, насенне рэдзькі ды канюшыны. А як яны аздобілі свае гандлёвыя месцы! Задавалі тон у афармленні намеснікі дырэктараў па ідэалагічнай рабоце: так, мы шчыра дзівіліся на кампазіцыі, падрыхтаваныя Зінаідай Рахунок з ПУП «Карпекі», Аленай Нядоўба з КУП «Захарнічы». Дарэчы, Зінаіда расказала, што лябёдушкі, махнаты вусень, калючы вожык і іншыя насельнікі маляўнічага куточка, рабілі ўвесь мінулы вечар… Яркімі строямі, прыгожым аздабленнем прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў кірмашу да свайго тавару работнікі з «Полацкага аграсервісу», «Зялёнкі», «Палімір-Агра». Падрыхтоўка бачылася ва ўсіх кірмашовых радах. А ля гандлёвага месца ААТ «Блізніца» нават граў гармонік і спявала гітара: так супрацоўнікі Блізніцкага дома культуры стваралі адпаведны кірмашовы настрой. І палачане, адгукаючыся на творчыя памкненні, спяшаліся завітаць сюды і пазнаёміцца з асартыментам прадукцыі.

Не заставаліся без увагі і прапановы ад «Полацк-гандлю». Акрамя садавіны ды гародніны работнікі прадпрыемства гандлявалі мясам са зніжкамі, кандытарскімі і кулінарнымі вырабамі, дарэчы, у апошніх прысутнічала самая што ні на ёсць восеньская тэма. Мясную прадукцыю і мяса са зніжкамі можна было набыць і ў гандляроў з ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Аматары рыбкі імкнуліся да прылаўка ААТ«Рыбгас «Навінкі», дзе прадавалі таўсталобіка, карпа і рыбныя кансервы. А за свежай выпечкай пакупнікі падыходзілі да гандлёвай палаткі Полацкага хлебазавода.

Участак вуліцы Гогаля, прылеглы да плошчы Францыска Скарыны, пераўтварыўся ў калідор мёду ды саджанцаў. Тут можна было набыць садовыя і пакаёвыя кветкі, або прыдбаць грушу ці яблыньку. Прамысловы тавар прадставілі на кірмашы прад­прыемствы «Дом гандлю», «Полацкбудматэрыялы». Тут можна было прыдбаць і гаспадарчы інвентар, і восеньскю куртачку. Дарэчы, прадаўцы «Дома гандлю» ў сваёй сонечнай вопратцы выглядалі проста цудоўна! Менавіта сонейка так не хапала гэтай кірмашовай раніцы. Але яе добры настрой своечасова падтрымалі творчыя калектывы Раённага дома культуры, якія на ганку гасцінічнага комплексу «Славянскі» зладзілі цудоўны канцэрт. «Беларусь васильковая», «Калинка», «Маруся», «Барыня», «Мы желаем счастья» — гэтыя і іншыя кампазіцыі, выкананыя сапраўднымі майстрамі сваёй справы, зрабілі мінулую вераснёўскую суботу светлай і запамінальнай.

 Аксана ШУЙСКАЯ "Полацкі веснік"

Фота Ігара ПАЛЫНСКАГА.