10 красавіка на тэрыторыі Тураўлянскага лясніцтва парламент навучэнскай моладзі г. Полацка пры Полацкім раённым Савеце дэпутатаў, удзельнікі аб'яднанняў па інтарэсах аддзела экалагічнага выхавання Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, навучэнцы БШ №3 высадзілі 1100 саджанцаў елкі і сеянцаў хвоі. Падтрымаць юнае пакаленне прыйшла Наталля Кулік, дэпутат Полацкага раённага Савета дэпутатаў.
Дзесяцікласніца СШ №2, член парламента навучэнскай моладзі, Паліна Цітова падзялілася:
– Удзельнічаю ў падобным мерапрыемстве не першы раз і лічу, што такія акцыі важныя. Мы вучымся працаваць, захоўваць прыгажосць і багацце беларускіх лясоў. Пасадка лесу – гэта свайго роду сімвал надзеі на тое, што будучыя пакаленні змогуць атрымліваць асалоду ад прыгажосцi лясоў, якія самі ж пасадзілі.
Удзельнікі акцыі дзякуюць ляснічаму Тураўлянскага лясніцтва Аляксандру Трафімаву за дапамогу ў арганізацыі акцыі.
Такая сумесная праца - рэальны крок па захаванні прыроды, паляпшэнні экалогіі, бо лясы – гэта лёгкія ўсёй планеты.
Дыяна ЦЯБУТ, загадчык аддзела Полацкага РЦДiМ.
Фота з архіва Полацкага РЦДiМ.